Выступленне Старшыні Вярхоўнага Савета Азербайджанскай Рэспублікі ‎Гейдара Алірза аглу Аліева на паседжанні Мілі Меджліса Азербайджанскай ‎Рэспублікі - 15 чэрвеня 1993 года


Паважаныя дэпутаты, паважаны Прэзідэнт!

Я выказваю падзяку членам Мілі Меджліса, Вярхоўнаму Савету Азербайджана за аказаны мне высокі давер і ўпэўніваю вас, што, карыстаючыся ўсімі магчымасцямі, паспрабую несці гэтую цяжкую ношу і паспрабую з гонарам выканаць гэтую задачу. Жадаю адзначыць, што з поўнай адказнасцю ўсведамляю сённяшняе цяжкае, складанае і напружанае становішча Азербайджанскай Рэспублікі. Прыступаючы да працы, я ўсведамляю сваю адказнасць і, кіруючыся ўсім гэтым, зраблю ўсё, што ў маіх сілах. Я не маю намер выступаць тут з вялікай прамовай. Але некалькі слоў я абавязкова павінен сказаць. Як старшыня Вярхоўнага Савета адной з асноўных сваіх задач лічу абарону, умацаванне, развіццё гістарычнага дасягнення азербайджанскага народа - дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай Рэспублікі. Дзяржаўная незалежнасць Азербайджанскай Рэспублікі павінна быць забяспечаная на аснове традыцый створанай у 1918-ым годзе першай Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі, сучасных патрабаванняў, працэсаў, што адбываюцца ў свеце. Я буду стала працаваць у гэтым кірунку, і хай ніхто не сумняваецца, што я прысвячу пакінутую частку жыцця толькі і толькі развіццю Азербайджанскай Рэспублікі як незалежнай дзяржавы. У сувязі з гэтым хачу сказаць, што, на маю думку, што бы ні здарылася, пасля гэтага Азербайджанская Рэспубліка ніколі не страціць сваю незалежнасць, не ўвойдзе ізноў у склад ніякай дзяржавы, не будзе пад уладай іншай дзяржавы. Ходзяць некаторыя чуткі, меркаванні пра аднаўленне былога Савецкага Саюза, магчымасці ўваходжання туды і Азербайджанскай Рэспублікі. Усё гэта ўтопія. Я адхіляю гэтыя думкі і заклікаю ўсіх грамадзян Азербайджана таксама адкідаць гэтыя думкі.

Перад рэспублікай стаяць вельмі вялікія і складаныя задачы. Для забеспячэння незалежнасці, суверэнітэту павінны быць вернутыя тэрыторыі Азербайджанскай Рэспублікі, акупаваныя Арменіяй. Павінна быць забяспечаная тэрытарыяльная цэласнасць Азербайджанскай Рэспублікі, спыненая вайна, усталяваны мір. Грамадзяне Азербайджанскай Рэспублікі павінны жыць у стане міру і дабрабыту і будаваць сваю дзяржаву так, як самі гэтага жадаюць. Таму гэтае пытанне з'яўляецца адным з найважнейшых. Гэтыя пытанні павінны і пасля гэтага быць у цэнтры ўвагі Вярхоўнага Савета. Я цалкам запэўніваю вас у гэтым.

Абвешчаны ўчора дакумент, які быў падпісаны па ініцыятыве Злучаных Штатаў Амерыкі, Расіі і Турцыі, з'яўляецца першым крокам для нашага паступовага выхаду з стану вайны. Мусіць, у наступным у гэтай вобласці павінны быць прадпрынятыя яшчэ больш дзейсныя меры, каб Азербайджанская Рэспубліка стала гаспадаром усёй сваёй тэрыторыі, і наш народ выйшаў з стану вайны.

Такім чынам, дзяржаўная незалежнасць Азербайджанскай Рэспублікі - найважнейшая задача. У незалежным Азербайджане трэба развіваць дэмакратыю. Варта ўсяляк заахвочваць палітычны плюралізм. Нельга дапускаць парушэнняў Канстытуцыі Азербайджанскай Рэспублікі, парушэнняў законаў. Дзяржаўнае будаўніцтва і фарміраванне грамадства павінны грунтавацца толькі на дэмакратычных прынцыпах. У палітыцы і эканоміцы павінны вяршэнстваваць прынцыпы свабоды, незалежнасці, свабоды чалавека, абароны правоў чалавека, прынцыпы свабоднай эканомікі. Гэта значыць, наша рэспубліка павінна ісці па шляху, па якім яна пачала ісці год назад. Гэта правільны шлях, дакладны шлях, і наша рэспубліка павінна з упэўненасцю ісці па гэтым шляху. Вы павінны быць упэўненыя, што я заўсёды буду прытрымлівацца гэтага шляха.

Адной з асноўных прычын сённяшняга складанага становішча нашай рэспублікі з'яўляюцца падзеі, якія адбыліся 4-га чэрвеня ў Гянджы. Падзеі гэтыя жудасныя, пралілася кроў, здзейснена злачынства. Усё гэта павінна быць расследавана і ўсе людзі, якія парушылі закон, удзельнічалі ў злачынстве, з якога бы ні было боку, павінны адказаць перад законам. Гэтым пытаннем займаецца дэпутацкая следчая камісія. Мы ж павінны хутчэй уладзіць складаную сітуацыю. Учора была гутарка з прэзідэнтам Абульфазам Эльчыбеем, я таксама вёў перамовы ў Гянджы з тымі, хто мяне суправаджаў, і адзін на адзін. Таму я лічу, што ўсе нашы высілкі дапамогуць уладзіць гэтую складаную сітуацыю, спыніць супрацьстаянне. Але я казаў і кажу яшчэ раз: ні пры якіх акалічнасцях я не змагу быць прыхільнікам выкарыстання зброі. Гэта супрацьстаянне павінна быць урэгулявана толькі мірным шляхам, шляхам згоды, шляхам паразумення, шляхам перамоў. Думаю, што мудрасць нашага народа, агульныя высілкі аўтарытэтных людзей, азербайджанскай інтэлігенцыі, азербайджанскіх аксакалаў і наша дзейнасць, бясспрэчна, забяспечаць гэта.

Пабудаваўшы дэмакратычную, незалежную рэспубліку ў Азербайджане, змагаючыся за цывілізаванае грамадства, мы павінны скарыстацца сусветнымі, агульначалавечымі каштоўнасцямі. Мы павінны паспрабаваць, каб Азербайджан, які дасягнуў за шматлікія гады, стагоддзі сваёй незалежнасці, здолеў прадэманстраваць усяму свету свае гістарычныя поспехі, нацыянальныя традыцыі. Думаю, што ў азербайджанскага народа з гэтага пункта гледжання вельмі вялікі як гістарычны, так і сучасны патэнцыял. Калі скарыстацца ўсім гэтым эфектыўна, дык і Азербайджан зробіцца незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай, і наша грамадства будзе дэмакратычным грамадствам, пабудаваным на аснове дэмакратычных, прававых, агульначалавечых каштоўнасцяў. Для гэтага і наша навука, і наша культура, і нашы гістарычныя традыцыі, і Іслам, які з'яўляецца нашай рэлігійнай асновай, - усе яны разам ствараюць вялікую аснову. Наша задача ў тым, каб выкарыстаць усё гэта эфектыўна.

Напружанасць у Азербайджане звязаная не толькі з карабахскай праблемай, гэта значыць з прычынай агрэсіі Арменіі супраць Азербайджана. Зараз адбыліся падзеі ў Гянджы. Нажаль, адным з чыннікаў узнікнення напружанасці з'яўляецца некаторае пагаршэнне ўзаемаадносін паміж народамі і этнічнымі групамі, якія доўгія гады пражываюць у Азербайджане. Азербайджан дзесяцігоддзямі, стагоддзямі быў Радзімай для людзей, якія жывуць тут, Радзімай павінен застацца і надалей. Усе грамадзяне, якія жывуць на тэрыторыі Азербайджанскай Рэспублікі, незалежна ад іх нацыянальнасці, рэлігіі, палітычнай прыналежнасці павінны валодаць аднолькавымі правамі. Калі мы зможам кіравацца гэтымі паняццямі і ажыццяўляць іх на практыцы, мы зможам забяспечыць поўнае аб'яднанне ўсіх народаў, усіх нацый, якія пражываюць у Азербайджанскай Рэспубліцы. Гэта адна з асноўных нашых задач. Думаю, мы дасягнём гэтага.

У сферы вонкавай палітыкі за мінулы год зроблена шмат. Але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Лічу, што Азербайджанская Рэспубліка як дэмакратычная дзяржава павінна пабудаваць раўнапраўныя адносіны з усімі дзяржавамі. Незалежна ад таго, якая ўнутраная структура, у якім кірунку пабудаваная ўнутраная палітыка той ці іншай дзяржавы, мы павінны наладзіць нармальныя адносіны з ёй. У першую чаргу, нам трэба наладзіць неабходныя культурныя, эканамічныя, дзяржаўныя адносіны з нашымі найбліжэйшымі суседзямі. З гэтага пункта гледжання стасункі з Турэцкай Рэспублікай, бясспрэчна, падтрымліваюцца насельніцтвам рэспублікі. Адносіны з суседняй Ісламскай Рэспублікай Іран павінны паляпшацца, развівацца. Расія - вялікая дзяржава, наш паўночны сусед. Бясспрэчна, адносіны паміж Расіяй і Азербайджанам пасля гэтага павінны быць лепей, шырэй, плённей, павінны засноўвацца на прынцыпах незалежнасці. З усімі дзяржавамі, якія ўваходзілі ў склад былога Савецкага Саюза і якія зараз незалежныя, - з Украінай, Беларуссю, Грузіяй, краінамі Сярэдняй Азіі, Казахстанам, Прыбалтыйскімі дзяржавамі, Малдовай - мы павінны пабудаваць больш цесныя і ўзаемныя адносіны. Гэта нам вельмі патрэбна. Таму што нашы эканамічныя адносіны, культурныя адносіны, чалавечыя адносіны з гэтымі дзяржавамі шмат гадоў і стагоддзяў былі вельмі блізкія. Нельга перарываць гэтыя сувязі, іх трэба развіваць. Я не сумняваюся, што менавіта такая палітыка дапаможа Азербайджанскай Рэспубліцы сфарміравацца і развівацца як незалежная дзяржава.

Азербайджанская Рэспубліка ўжо выйшла на сусветны ўзровень. Станоўчае стаўленне Злучаных Штатаў Амерыкі да Азербайджанскай Рэспублікі ў апошні час усіх нас цешыць і думаю, што адносіны павінны яшчэ больш паглыбляцца і развівацца. Мы павінны паглыбляць нашы сувязі з усімі еўрапейскімі краінамі, асабліва з Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй. З усімі мусульманскімі краінамі, арабскімі краінамі, цюркамоўнымі краінамі нашы адносіны павінны развівацца яшчэ хутчэй. Адным словам, я хачу проста паказаць сваю пазіцыю ў сферы вонкавай палітыкі. Як старшыня Вярхоўнага Савета я буду працаваць у гэтым накірунку, буду імкнуцца да поспеху дзейнасці нашага прэзідэнта, Вярхоўнага Савета, урада.

Аднак, зараз найважней за ўсё разабрацца з падзеямі, што адбыліся ў Гянджы, і з выкліканай гэтымі падзеямі напружанасцю. Тут, на паседжанні Мілі Меджліса, з гэтай трыбуны я звяртаюся да ўсіх грамадзян Азербайджана, да нашых братоў, сёстраў, дзяцей і заяўляю, што наша рэспубліка цяпер у вельмі цяжкім становішчы. Яшчэ раз паўтараю, самая вялікая цяжкасць, якая стаіць перад намі, - гэта вяртанне акупаваных тэрыторый і забеспячэнне тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту Азербайджана. Таму ўсе ўнутраныя разлады, унутраныя спрэчкі павінны быць адкінутыя ў бок. Я звяртаюся да ўсяго азербайджанскага народа, я звяртаюся да насельніцтва Гянджы, звяртаюся да дэпутата Азербайджанскай Рэспублікі Сурэта Гусейнава, звяртаюся да яго таварышоў па зброі і заклікаю ўсіх іх да мудрасці, чалавечых адносінаў. Наша рэспубліка цяпер больш за ўсё мае патрэбу менавіта ў гэтым, і яны павінны ведаць, увесь народ павінен ведаць, што зараз мы павінны быць разам. У гэты трагічны перыяд Азербайджана мы знаходзімся перад вялікай небяспекай. У гэты перыяд усе сілы павінны аб'яднацца, усе палітычныя партыі, усе палітычныя структуры, усе палітычныя і грамадскія арганізацыі, усе людзі - усім трэба аб'яднацца. Усе мусяць забыць свае крыўды. Мы ўсе павінны аб'яднацца і вывесці Азербайджан з гэтага цяжкага становішча. Думаю, што насельніцтва Гянджы, людзі, якія пражываюць у наваколлях Гянджы, пачуюць мой голас і падтрымаюць яго. Сурэт Гусейнаў пачуе мой голас, павядзе сябе мудра і мы цалкам пакончым з гэтай бядой. Я запрашаю ўсіх вас дзейнічаць у гэтым накірунку, аб'яднацца. Я прашу пакінуць убаку дробныя крыўды, дробныя плёткі, іх час прыйдзе. У каго з кім праблемы, потым вырашаць. Цяпер не час гэтаму.

У сувязі з гэтым хацелася б закрануць яшчэ адно пытанне. У некаторых колах пра мне ходзяць чуткі, што калі Гейдар Аліеў ізноў зойме ў Азербайджане нейкую пасаду, дык пачне камусьці помсціць. Будзе дрэнна ставіцца да тых, хто ў свой час быў супраць яго, або, дрэнна да яго ставіўся. Перад вамі і ўсім азербайджанскім народам я з усёй адказнасцю заяўляю, што ў маёй прыродзе наогул няма пачуцця помсты. Усё гэта панавыдумляна некаторымі асобамі, якія, відаць, жадаюць не толькі ачарніць мяне, але і раз'яднаць нас. Абяцаю вам, што ніколі не замкнуся на пачуцці помсты. Калі хтосьці калісьці няправільна ставіўся да мяне, нешта зрабіў, паверце, я іх даўно прабачыў. Я ніколі не апускаўся на ўзровень такіх пачуццяў і ніколі не зраблю гэтага. Не таму, што вы мне цяпер аказалі такі давер, і я заняў такі пост. Не. Я як звычайны грамадзянін ніколі і ні з кім не намерваўся і не маю намер у будучым варагаваць, помсціць, або рабіць камусьці дрэнна. Аднак у рамках пасады, бясспрэчна, кожны з нас абавязаны падпарадкоўвацца дысцыпліне, кожны з нас павінен падпарадкоўвацца закону, усе павінны жыць згодна з законам, павінны забяспечыць вяршэнства закона і на гэтым шляху я, вядома ж, не змяню сваім прынцыпам.

Думаю, што разам з Вярхоўным Саветам, Прэзідэнтам Азербайджана Абульфазам Эльчыбеем, усе разам мы здолеем выйсці з гэтага становішча. У гэтай сувязі я заклікаю ўсіх вас да адзінства.

Дзякуй!