Зварот Гейдара Аліева ў партыйную арганізацыю Кабінета Міністраў СССР - Масква, 19 ліпеня 1991 года


Даводжу да вашага ведама, што я прыняў рашэнне аб выхадзе з КПСС.

Адразу ж жадаю папярэдзіць, што гэта не проста даніна "модзе", а вынік выпакутаванага мною цяжкага шляху расчараванняў і пераацэнкі каштоўнасцяў на працягу апошніх гадоў.

Асноўныя прычыны, якія прымусілі мяне зрабіць гэты крок, зводзяцца да наступнага.

Першае. Пытанне аб выхадзе з КПСС у мяне паўстала яшчэ ў студзені 1990 г. у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць азербайджанскага народа, якую ажыццявілі палітычнае кіраўніцтва Цэнтра і ЦК Кампартыі Азербайджана. У выніку студзеньскіх падзей загінулі і атрымалі калецтвы сотні нявінных мірных жыхароў, сярод якіх былі старыя, жанчыны, дзеці.

Асудзіўшы гэты антыгуманны, антыканстытуцыйны, супрацьпраўны акт у сваіх выступленнях, я спадзяваўся, што ЦК КПСС, ЦК КП Азербайджана выкрыюць гэтае злачынства і вінаватых у ім. З цяжкасцю пераадольваючы сябе, я цярпліва чакаў. А ў адказ на гэтыя выступленні неўзабаве было арганізавана масіраванае ганенне супраць мяне з боку друкаваных органаў партыі, якое пачала газета "Правда". Усе мае спробы выступіць у гэтых жа сродках масавай інфармацыі з аргументаваным абвяржэннем надуманых фактаў супраць мяне былі дарэмныя. Галоснасць, абвешчаная як асноўная заваёва перабудовы, на практыцы апынулася аднабаковай.

Неаднаразовыя звароты народных дэпутатаў, Вярхоўнага меджліса Нахчыванскай Аўтаномнай Рэспублікі, розных груп грамадзян, выдатных прадстаўнікоў інтэлігенцыі з патрабаваннем выявіць і пакараць вінаватых у студзеньскай трагедыі ўпарта адхіляюцца камуністычным кіраўніцтвам Азербайджана.

Мінула паўтара года. Не толькі нічога не зроблена для выкрыцця гэтага жахлівага злачынства, вінаватыя ў якім даўно вядомыя, а наадварот, прымаюцца ўсе неабходныя меры дзеля яго ўтойвання ў разліку на тое, што час дапаможа забыцца на гэтую трагедыю. Аднак гісторыя нам неаднаразова даказвала, што ніякія гады, дзесяцігоддзі не змогуць прымусіць забыцца і прабачыць крывавыя злачынствы супраць свайго народа.

Другое. У выніку крывадушнай палітыкі Цэнтра вось ужо больш за тры гады захоўваецца вострая канфліктная сітуацыя ў Нагорна-Карабахскай вобласці Азербайджана, што ўзнікла высілкамі армянскіх нацыяналістаў і пры падтрымцы ЦК КПСС. Вобласць, па сутнасці, выйшла з-пад дзяржаўнага кіравання Азербайджана.

Дзяржаўны суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць Азербайджана, насуперак Канстытуцыі, груба парушаюцца. Паміж Арменіяй і Азербайджанам ідзе неабвешчаная вайна, амаль штодня гінуць людзі з абодвух бакоў. І ўсё гэта ў межах Савецкай дзяржавы з яе “гуманнай” ідэалогіяй.

Перакананы, было б жаданне ў кіраўніцтва партыі, міжнацыянальны канфлікт, які ўзнік у сувязі з так званым пытаннем аб Нагорным Карабаху яшчэ ў 1987-88 гг., можна было б прадухіліць на самым пачатку, не дапусціць яшчэ больш жорсткага супрацьстаяння, кровапраліцця, якія прынеслі цяжкія бедствы і пакуты як азербайджанскаму, так і армянскаму народам. Значыць, палітычнаму цэнтру гэты канфлікт быў патрэбен.

Трэцяе. У перыяд дэмакратызацыі ўсяго грамадства, абвяшчэння палітычных свабод і плюралізму шырокі дэмакратычны рух, што распачаўся ў Азербайджане ў 1988 г. для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці рэспублікі і дэмакратызацыі грамадства, упарта прыціскаецца высілкамі ЦК КП Азербайджана пад кіраўніцтвам ЦК КПСС. За гэтыя гады было рэпрэсавана па палітычных матывах шмат асоб.

Паўтара года двухмільённая сталіца Азербайджана без якіх-небудзь падстаў жыве ў рэжыме надзвычайнага становішча. Менавіта ў гэтых умовах былі праведзеныя так званыя "дэмакратычныя" выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі і рэферэндум з загадзя станоўчым вынікам на карысць захавання Саюза. Наіўна лічыць, што пры надзвычайным становішчы можна спадзявацца на якую-небудзь дэмакратыю і свабоднае волевыяўленне народа. Дэмакратычныя арганізацыі неаднаразова падымалі пытанне аб тым, што абсалютная большасць выбаршчыкаў рэспублікі не ўдзельнічала ў рэферэндуме, яго вынікі сфальсіфікаваныя. Аднак камуністычнае кіраўніцтва Азербайджана не палічыла магчымым нават разгледзець гэтыя звароты.

Я выступаў і выступаю супраць навязвання Цэнтрам новай саюзнай дамовы. Не можа быць суверэнітэту некалькіх дзяржаў у складзе адной суверэннай дзяржавы з усімі ўласцівымі ёй свабодамі, паўнамоцтвамі і функцыямі.

Трэба даць усім саюзным рэспублікам сапраўдную палітычную, эканамічную свабоду і самастойнасць для нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння. Гэта ніяк не перашкаджае эканамічнай інтэграцыі і традыцыйным культурным сувязям рэспублік - наадварот, будзе спрыяць іх удасканаленню і развіццю на двухбаковай і шматбаковай аснове.

З'яўляючыся народным дэпутатам Азербайджана і Нахчыванскай Аўтаномнай Рэспублікі, я ў сваіх выступленнях неаднаразова ўзнімаў усе гэтыя пытанні, прапаноўваў Кампартыі Азербайджана, якая ўжо цалкам страціла свой аўтарытэт у вачах народа, адмовіцца ад манаполіі на ўладу, забяспечыць умовы для вольнай і раўнапраўнай дзейнасці ўсіх палітычных сіл, стварыць умовы для станаўлення дэмакратычнага грамадства, палітычнага плюралізму і галоснасці ў поўным аб'ёме.

Аднак усе гэтыя выступленні і мае прапановы не толькі не разглядаюцца камуністычным кіраўніцтвам Азербайджана, а выклікаюць адваротную рэакцыю ў выглядзе новых, падрыхтаваных і арганізаваных нападак у мой бок. Рэдактараў газет, журналістаў за публікацыю маіх выступленняў у Азербайджане звальняюць з працы, падвяргаюць ганенням.

Усё вышэйзгаданае прымусіла мяне пайсці на рашучы крок і абвясціць пра свой выхад з КПСС, хоць для мяне адважыцца на гэта было надзвычай цяжка. Я вырас у сям'і камуністаў, і ўсё маё свядомае жыццё звязана з Камуністычнай партыяй. Я звязаў свой лёс з партыяй бальшавікоў у дваццацігадовым узросце ў 1943 г.

Я шчыра верыў у ідэалы Камуністычнай партыі і актыўна ўдзельнічаў у ажыццяўленні яе планаў. Зараз уся гэтая вера разбураная.

Бясконцыя заявы пра абнаўленне партыі і Саюза - чарговы падман народа.

Неабходна шчыра і адкрыта сказаць народу, што камуністычны эксперымент, сацыялістычны выбар у нашай краіне сябе не апраўдалі, створаны і падтрыманы сілай Саюз рэспублік сябе вычарпаў.

Я уяўляю цяжкасці, якія паўстануць перада мной пасля гэтай заявы, прадбачу разнастайныя нападкі і маральнае цкаванне. Сумленны аналіз пройдзенага партыяй шляху прывёў мяне да пазіцыі, якую я выказаў. Пры гэтым я ўсведамляю і ступень сваёй адказнасці.

Пакідаючы шэрагі КПСС, выказваю сваю павагу ўсім сапраўдным сумленным камуністам, якія яшчэ вераць і спадзяюцца.