БІЯГРАФІЯ


Гейдар Алірза аглу Аліеў - агульнанацыянальны лідэр азербайджанскага народа

Гейдар Алірза аглу Аліеў нарадзіўся 10 мая 1923 года ў азербайджанскім горадзе Нахчыван. Пасля заканчэння ў 1939 годзе Нахчыванскага педагагічнага тэхнікума, пачаў навучанне на архітэктурным факультэце Азербайджанскага індустрыяльнага інстытута (цяпер Азербайджанская дзяржаўная нафтавая акадэмія), але вайна не дазволіла яму завершыць адукацыю.

З 1941 года Гейдар Аліеў працаваў загадчыкам аддзела ў Народным камісарыяце ўнутраных спраў Нахчыванскай АССР і Савеце Народных Камісараў Нахчыванскай АССР, а ў 1944 годзе быў накіраваны на работу ў органы дзяржаўнай бяспекі. Працуючы з гэтага моманту ў сістэме органаў бяспекі, з 1964 года Гейдар Аліеў займаў пасаду намесніка старшыні, а з 1967 года - старшыні Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі пры Савеце Міністраў Азербайджанскай ССР; яму было нададзена званне генерал-маёра. У гэты ж час ён атрымаў спецыяльную вышэйшую адукацыю ў Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург), а ў 1957 годзе скончыў гістарычны факультэт Азербайджанскага дзяржаўнага універсітэта.

Пасля абрання на пленуме Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай Партыі Азербайджана ў ліпені 1969 года першым сакратаром Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай Партыі Азербайджана, Гейдар Аліеў стаў кіраўніком рэспублікі. У снежні 1982 года Гейдар Аліеў быў абраны членам Палітбюро Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай Партыі Савецкага Саюза, назначаны на пасаду першага намесніка старшыні Савета Міністраў СССР і стаў адным з кіраўнікоў СССР. На працягу дваццаці гадоў Гейдар Аліеў быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і пяць гадоў займаў пасаду намесніка старшыні Вярхоўнага Савета СССР.

У кастрычніку 1987 года Гейдар Аліеў у знак пратэсту супраць палітыкі, якая праводзілася Палітбюро Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай Партыі Савецкага Саюза і асабіста генеральным сакратаром Міхаілам Гарбачовым, звольніўся з усіх сваіх пасад.

У сувязі з крывавай трагедыяй, учыненай 20 студзеня 1990 года ў Баку савецкімі войскамі, Гейдар Аліеў выступіў на наступны дзень у прадстаўніцтве Азербайджана ў Маскве з заявай, у якой патрабаваў пакараць арганізатараў і выканаўцаў злачынства, здзейсненага супраць азербайджанскага народа. У знак пратэсту супраць двудушнай палітыкі кіраўніцтва СССР у сувязі з узнікшай у Нагорным Карабаху вострай канфліктнай сітуацыяй у ліпені 1991 года ён выйшаў з шэрагаў Камуністычнай Партыі Савецкага Саюза.

Пасля вяртання ў ліпені 1990 года ў Азербайджан, Гейдар Аліеў жыў спачатку ў Баку, а потым у Нахчыване, у тым жа годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Азербайджана. У 1991-1993 гадах ён займаў пасаду старшыні Вярхоўнага Меджліса Нахчыванскай Аўтаномнай Рэспублікі, намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Азербайджанскай Рэспублікі. На праведзеным у 1992 годзе ў горадзе Нахчыван устаноўчым з’ездзе партыі "Ені Азербайджан" Гейдар Аліеў быў абраны старшынёй партыі.

Калі ў маі-чэрвені 1993 года ў выніку надзвычайнага абвастрэння ўрадавага крызісу ў краіне ўзнікла пагроза грамадзянскай вайны і страты незалежнасці, азербайджанскі народ выступіў з патрабаваннем прывесці да ўлады Гейдара Аліева.

Тагачасныя кіраўнікі Азербайджана былі вымушаны афіцыйна запрасіць Гейдара Аліева ў Баку. 15 чэрвеня 1993 года Гейдар Аліеў быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савета Азербайджана, а 24 ліпеня пастановай Мілі Меджліса пачаў выконваць абавязкі Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі. 3 кастрычніка 1993 года ў выніку ўсенароднага галасавання Гейдар Аліеў быў абраны Прэзідэнтам Азербайджанскай Рэспублікі. 11 кастрычніка 1998 года на выбарах, праведзеных ва ўмовах высокай электаральнай актыўнасці, ён набраў 76,1 працэнт галасоў і зноў стаў Прэзідэнтам Азербайджанскай Рэспублікі. Гейдар Аліеў пагадзіўся на вылучэнне сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах 15 кастрычніка 2003 года, але адмовіўся ад удзелу ў іх з-за праблем са здароўем. Гейдар Аліеў быў узнагароджаны шэрагам міжнародных прэмій, званнем ганаровага доктара універсітэтаў некалькіх краін і іншымі высокімі ганаровымі званнямі. Чатыры разы ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонай Зоркі і шматлікімі медалямі, двойчы атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі шмат якіх замежных дзяржаў.

Гістарычны лёс Азербайджана на працягу больш за трыццаць апошніх гадоў непарыўна звязаны з імем Гейдара Аліева. Адраджэнне народа ў гэтыя гады ва ўсіх сферах яго грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця звязана менавіта з яго іменем.

Пад час свайго кіраўніцтва Гейдар Аліеў дапамог роднаму краю - Азербайджану, да прагрэсу якога ён заўсёды імкнуўся, багатай культурай і вялікім гістарычным мінулым якога заўжды ганарыўся, і пра будучыя пакаленні якога непакоіўся, - пераадоліць як дзяржаве цяжкія і жорсткія выпрабаванні часу.

Выбітны палітычны і дзяржаўны дзеяч, безумоўны лідэр народа, ён яшчэ пры жыцці стаў жывой легендай, таму феномен Гейдара Аліева заўсёды прыцягваў увагу; бурная палітычная дзейнасць гэтага агульнанацыянальнага лідэра азербайджанцаў свету выклікала захапленне і таму шырока асвятлялася як у рэспубліканскім, так і сусветным друку.

У чэрвені 1993 года, калі азербайджанскі народ пераканаўся ў тым, што нацыянальная дзяржаўнасць апынулася перад пагрозай распаду, калі надышлі самыя цяжкія дні, ён настойліва патрабаваў змены існуючай улады і з таго самага часу ізноў даручыў свой лёс Гейдару Аліеву. Гейдар Аліеў, які бачыў пакуты свайго народа, прыняў настойлівае запрашэнне і вярнуўся ў вялікую палітыку ў Азербайджане. Народ сустрэў вяртанне Гейдара Аліева з надзеяй і радасцю, і гэты дзень увайшоў у гісторыю незалежнага Азербайджана як Дзень нацыянальнага выратавання.